Прывітанне! Мяне завуць Дані, і я зараз жыву ў Малазе, сонечным горадзе на поўдні Іспаніі, дзе праходжу доўгатэрміновае валанцёрства па праграме European Solidarity Corps (ESC). За маімі плячыма ўжо ёсць і кароткатэрміновы валанцёрскі досвед у Польшчы. І, здаецца, галоўнае, што я зразумеў з усяго гэтага шляху, – на ESC не бывае “звычайных дзён”, бо кожны з іх пра нешта нечакана чалавечае.
Таму давай правядзём адзін такі дзень разам!
Раніца, якая пачынаецца не з будзільніка, а з барацьбы з сабой
07:30. Фармальна дзень пачынаецца раней – будзільнік стаіць на 07:00, але паміж “прачнуўся” і “ўстаў” заўсёды ёсць гэтыя паўгадзіны. Душ. Хуткія зборы. І вечная маленькая драма раніцы – мае кучары, якія кожны раз жывуць сваім жыццём і адмаўляюцца падпарадкоўвацца раскладу.
Часу заўсёды крыху менш, чым трэба, але ў Малазе гэта амаль стыль жыцця: спазніцца на аўтобус і выглядаць так, быццам так і было задумана

08:30. Бег.
Бягу да аўтобуса. Сёння важны дзень, бо мерапрыемства, таму на мне фірмовае пола, ключы правераны двойчы (у Іспаніі дзверы зачыняюцца проста з хлапком, і калі ты выйшаў без ключэй – назад ужо не трапіш без маленькай экзістэнцыяльнай прыгоды). Ранішняе паветра цёплае нават у руху.

08:35. Малага прачынаецца разам са мной
На прыпынку – мае мокрыя валасы пасля душа і першыя прамяні сонца, якія нібыта абдымаюць горад. Нічога асаблівага не адбываецца, і ў гэтым – уся Малага. Тут звычайнасць выглядае як маленькае свята.

09:15. Месца, дзе будзённасць не існуе
Працоўная прастора знаходзіцца амаль у цэнтры горада, у будынку былой тытунёвай фабрыкі. Цяпер гэта складаная і вельмі жывaя прастора: тут і філіял Рускага музея ў Малазе, і Музей аўтамабіляў і моды, і Нацыянальны діджытал-хаб, дзе знаходзіцца наш клас.


Мы пачынаем дзень з кавы ў суседняй кавярні, без гэтага рытуалу тут не пачынаецца ніводная сур’ёзная гісторыя. Потым – камп’ютары, падрыхтоўка і адчуванне, што наперадзе нешта вялікае.
09:45. Пачатак вялікага дня
Сёння мы разам з Іспанскім Нацыянальным агенцтвам Erasmus+ арганізуем вялікае мерапрыемства для больш чым ста чалавек. Прыязджаюць выкладчыкі і выкладчыцы з усёй Іспаніі. Ёсць такія моманты, калі ты раптам перастаеш быць “проста валанцёрам” і становішся часткай вялікай сістэмы, якая рухаецца, гаворыць, арганізоўвае, стамляецца і натхняецца адначасова.


Карацей, унутры – лёгкае хваляванне, але звонку – спакойная ўвага да кожнай дробязі.
11:15. Перапынак.
Мы нарэшце перакусваем, але галоўнае не ў ежы. Галоўнае – людзі. Адна з удзельніц расказвае, што цэлы год вучыла рускую мову, і раптам мы ўжо спяваем разам “Антошка, Антошка, пойдзем капаць бульбу”. Гэты момант выглядае амаль нерэальным, маленькі мост паміж мовамі, які ўзнікае сам па сабе. Побач – размова з прадстаўніком Erasmus+, які просіць дазволу апублікаваць нашы фота. Потым – студэнты і студэнткі, якія прыносяць стыкеры футбольнага клуба Малагі, і мы з маёй калегай-валанцёркай Ліліт з Арменіі робім сэлфі ў настроі, які можна назваць толькі адным словам – “вайбік”.


11:45. Экскурсія па тэхналогіях і пытаннях
Другая частка мерапрыемства. Мы суправаджаем групу, і раптам трапляем у прастору, дзе супрацоўнік хаба паказвае нам 12K камеру, якой скануюць вуліцы для Google Maps. Яна каштуе каля 45 тысяч еўра, амаль як архаічны арт-аб’ект. Я адказваю на пытанні: пра валанцёрства, пра мову, пра тое, адкуль бярэцца ўпэўненасць, калі ты сам не заўсёды ўпэўнены. І кожнае “дзякуй” пасля размовы адчуваецца вельмі асабіста.

А 13:00 удзельнікі і ўдзельніцы сыходзяць. Мы таксама. Хутка збіраем рэшткі перакусу і рухаемся далей. Ёсць адчуванне, што частка дня ўжо пражыта як маленькае жыццё.
14:00. Абед, які становіцца развітаннем
Мы абедаем разам з валанцёрскай камандай. Адна з нас – Тамуска з Грузіі – завяршае праект і вяртаецца дадому. Гэта апошні сумесны абед перад яе ад’ездам. Тут ёсць і смех, і ўспаміны, і словы, якія ўжо немагчыма сказаць лёгка. Я дапамагаю збіраць рэчы, мы едзем у аэрапорт, і ў нейкі момант разуменне прасцейшае за любыя тлумачэнні: нешта заканчваецца. Мне казалі, што з часам развітвацца становіцца лягчэй, але пакуль – кожны раз гэта як упершыню.

15:30–17:00. Паўза перад другім дыханнем дня
Кароткае вяртанне дадому: сторысы ў Instagram, цішыня на ложку, думкі пра тое, як выглядаць увечары і як увогуле вытрымаць спякоту. Але дзень яшчэ не скончаны. Наперадзе – выпускны студэнтаў і студэнтак.

18:00–22:00. Вечар
Выпускны.
Пыльныя адлюстраванні ў шкле, вееры, якія ратуюць ад спякоты, і студэнты і студэнткі, якія раптам выглядаюць ужо не як “наш клас”, а як людзі, якія ідуць далей сваім шляхам. Яны гавораць пра нас у сваіх прамовах. І ў гэты момант усё, што было “праектам”, становіцца асабістым. Мы шмат размаўляем, шмат смяемся, шмат абяцаем бачыцца ўжо не ў фармальным кантэксце, а проста ў жыцці.
Фота са студэнтамі і студэнткамі мы так і не робім, чамусьціі ніхто не думае пра фота, напэўна таму што проста добра.
Па дарозе дадому. Вядома, можна было б яшчэ застацца і правесці час з моладдзю, але пасля такога насычанага дня і двух келіхаў tinto de verano стома ўсё ж узяла сваё.
Падпісвайся
на рассылку
«Хоць у Оксфард»
У рассылцы – важныя тэксты, меркаванні і ўнікальныя магчымасці, якія не гугляцца.
Чытай таксама
-
История Кати, побывавшей на пяти программах от Erasmus+Youth
12.11.2025 -
Google готов прокачать ваши навыки бесплатно
12.11.2025 -
Как не сойти с ума во время сессии? Разбиваем стереотипы с психологом
12.11.2025 -
От студента БГЭУ до PhD: путь белоруса к научной карьере в Европе
12.11.2025 -
Пяць прычын, чаму мне не спадабалася вучоба ў Швецыі
12.11.2025
Зараз абмяркоўваем гэта
Падпісвайся
на рассылку
«Хоць у Оксфард»
У рассылцы – важныя тэксты, меркаванні і ўнікальныя магчымасці, якія не гугляцца.