Знойдзена: 0 элементаў. Паспрабуй яшчэ раз.

«Не магу зразумець, якая канчатковая мэта гэтай адукацыі» – Кірыл пра польскую палітэхніку і шлях у IT

Кірыл вучыўся ў ліцэі БДУ, потым паступіў на ангельскамоўны факультэт Матэматыкі і Навук Інфармацыйных (MiNI) Варшаўскай палітэхнікі — і на трэцім курсе проста перастаў туды хадзіць. Бывае… Але за гэты час ён знайшоў працу бэкэнд-распрацоўшчыка, валантэрыў, падарожнічаў і вярнуўся ва ўнівер толькі праз тры гады, каб «зачыніць гештальт». Мы пагаварылі пра тое, як выглядае IT-адукацыя знутры, чаму польская навука «сядзіць да пенсіі», і ці варта ўвогуле «ісці ў айці» ў 2025-м.


Першае і самае важнае, што мне даў ліцэй – гэта людзі. Дагэтуль вялікая частка майго сацыяльнага кола – гэта ліцэіст:кі розных гадоў і кірункаў. Нават зараз я вучуся на адным курсе з ліцэістам, малодшым за мяне на пяць год – братам іншага ліцэіста, які старэйшы за мяне на год. Вось так і сябруем. Вось такое замкнёнае кола. 

Другое – навыкі дамаўляцца і выкручвацца. Вучоба для мяне заўсёды была важнай часткай жыцця, але, рэфлексуючы зараз, я разумею: ніколі не ўмеў вучыцца ўстойліва. Гэта заўсёды быў марафон перад дэдлайнам, з-пад палкі. Таму я выкручваўся, як умеў.

Трэцяе – самапавага. Пачуццё, што ў мяне ёсць правы, нават як у школьніка ці студэнта. У палітэхніцы яно мне больш перашкаджала, чым дапамагала, але ну, што ж паробіш!

І, канешне, нямала цікавых магчымасцяў і праектаў прыйшло менавіта з ліцэйскага асяроддзя.

Я вучуся і вучыўся толькі ў Варшаўскай палітэхніцы, на ангельскай мове. Паступленне працэсуальна выглядала вельмі проста: трэба было атрымаць міжнародны сертыфікат з ведання ангельскай (IELTS) і здаць унутраныя экзаменыі. Усё. З ангельскай усё было добра, а тэст з матэматыкі быў на базавым узроўні.

Але не магу зразумець, якая канчатковая мэта гэтай адукацыі. Тытул, які атрымліваеш, называецца «бакалаўр-інжынер», то бок мяркуецца не чысты computer science з акадэмічнага гледзішча, але і нейкія практычныя навыкі. Інжынерная адукацыя, мне здаецца, патрабуе развіваць любоў да будавання, trial and error, разумення таго, як рэчы працуюць пад капотам, асабліва з улікам таго, як хутка эвалюцыянуюць тэхналогіі.

Калі я сыйшоў у 2022,  у той перыяд я працаваў, падарожнічаў, валантэрыў, хадзіў да псіхолага, карацей, жыў жыццё, наколькі гэта дазвалялі падзеі навокал. Вярнуўся, бо зразумеў: мне было б цікава паспрабаваць сябе зноў у акадэмічным асяроддзі. Зразумеў, што навучальны працэс мне ўсё ж такі падабаецца, як і размовы з академікамі. Мне падабаецца, што академічны падыход ідзе глыбей у спробах зразумець свет, чым камерцыйны. Ды і проста прыемна знаходзіцца ў адным пакоі з разумнымі людзьмі, якія дазваляюць сабе марыць.

У палітэхніцы на ангельскай мове ёсць нармальныя матэматыка, алгарытмы, асновы фундаментальнай логікі, нават навыкі вырашэння задач. Але інжынерная, hands-on частка – гэта «абняць і плакаць». Нас вучаць будаваць на састарэлых тэхналогіях праекты, якія не маюць дачынення да рэчаіснасці. Замест таго каб вучыць студэнтаў тэхналогіям, якія мяняюцца кожныя 3–5 год, навучыце іх прынцыпам, па якіх гэтыя тэхналогіі працуюць і будуюцца. Я чытаю, як гэта робяць у іншых краінах – і зайздрошчу.

Адзіны моцны практычны трэк, які прапануе палітэхніка на бакалаўрыяце – гэта распрацоўка desktop apps. Але іншыя рэчы – фронтэнд, бэкэнд, базы дадзеных, машыннае навучанне – значна больш запатрабаваныя, і ім прысвечана нашмат менш часу. Таму мне вельмі хутка стала вельмі сумна.

Дадаткова – у палітэхніцы хапае людзей, якія абажаюць сваю ўладу. Людзей, якія знаходзяцца там па нейкай інерцыі: не робяць навуковых прац, не займаюцца сайд-праектамі, а проста выкладаюць, адтарабаньваючы за 90 хвілін 120 слайдаў. Гэта даволі частая гісторыя ў польскай навуцы – атрымаў тытул prof. dr. hab. inż. і сядзіш сабе да пенсіі. 

Мне нават давялося пісаць скаргу дэкану пасля канфлікту з прафесарам: ён паставіў пераздачу падчас іншай пераздачы, а на маю просьбу знайсці іншы час, бо я і шэсць іншых студэнтаў не зможам, адказаў, што «для такіх тупых нічога рабіць не збіраецца». Але, шчыра кажучы, калі станавішся на ногі пасля ўнівера і пачынаеш працаваць з рэальнымі кліентамі, то такія «настаўнікі» перастаюць здавацца вялікімі. Становіцца брыдка і смешна, а часам проста шкада, што чалавек з такімі мазгамі не можа ўбачыць у студэнтах і студэнтках людзей.

Добрае, канешне, таксама ёсць. Там працуюць разумныя людзі, якія ведаюць, што выкладаюць. Хапае добрых настаўнікаў, пра якіх прыемна ўзгадваць. І ёсць выклік: некаторыя прадметы сапраўды складаныя, і «праскачыць» там не атрымаецца –  даводзіцца разабрацца і вучыцца.

Але мая адукацыя пасля канца другога курса дала мне літаральна менш, чым усё лета чытаць дакументацыю да тэхналогій, з якімі было цікава ўзаемадзейнічаць.

Развеяць не змагу, але пракаментаваць – з радасцю: я кажу толькі за праграмістаў і, магчыма, менеджараў. І гэта не абавязкова міфы.

Высокія заробкі. Калі мы кажам пра краіны, якія былі часткай СССР, – так, высокія ў параўнанні з сярэднім. Нават у Польшчы існуе магчымасць зарабляць вар’яцкія грошы. У бігтэху ў ЗША гэта ўвогуле зламаная сістэма – заробкі па некалькі соцен тысяч долараў у год. Сярэдняе па «шпіталі» будзе менш, але ўсё роўна вышэй за сярэдняе па краіне.

Праца на гадзіну ў дзень. Залежыць. У мяне самога такі перыяд быў нават у пачатку кар’еры – проста таму, што я ўзяў на сябе шмат адказнасці, разабраўся ў праекце, і выконваць задачы стала вельмі проста. Калі працуеш у вялікай карпарацыі, лёгка «згубіцца» ў масіве людзей. Не міф,  проста не для ўсіх паўсядзённасць.

Мала карысці для грамадства. Тут я больш схіляюся пагадзіцца. Даволі шмат кампаній робіць важныя рэчы: ад медычнага сафта да крытычнай інфраструктуры. Але існуюць і абсалютныя evil corps, той жа Palantir з інструментамі масавай сачэнні. Існуе вялікая ніша гемблінгу, які зараз называе сябе iGaming і які я не лічу карысным ад слова зусім. Тут ёсць цэлы спектр.

Калі казаць пра Беларусь — для многіх праца ў айці гэта сацыяльны ліфт, магчымасць перайсці ў «вышэйшы сярэдні клас». Для мяне таксама так было: я прыйшоў сюды не таму, што гарэў праграмаваннем, мне проста было цікава. Зараз я адкрыў у сабе інжынера і шукаю больш сацыяльна значныя праекты. Але пачатак быў зусім не такі.

Я працую ў брытанскім стартапе 💅. Увогуле я бэкэнд-распрацоўшчык і адказваю за нябачную для карыстальніка логіку: праца з базамі дадзеных, алгарытмы падліку. У вэб-старонак ёсць «твар», з якім карыстальнікі ўзаемадзейнічаюць, але каб гэта працавала –патрэбен «рухавік» (як у машыны)

Зараз я адказваю за аўтэнтыфікацыю і аўтарызацыю. Аўтэнтыфікацыя – гэта пацвярджэнне таго, што ты гэта ты. Напрыклад – Google Authenticator. Аўтарызацыя – правілы, якія вызначаюць, што карыстальнік можа рабіць у сістэме. Даволі нішавая тэма, не самая прыемная часам, але мне падабаецца.

Спектр іншых задач вялікі: ад кансультацыі кліентаў і правядзення інтэрв’ю да выбудоўвання брэнду каманды ўнутры кампаніі.

У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Праграмісцкі рынак, здаецца, не перапоўнены, людзі патрэбны, але джунам зараз вельмі складана, у першую чаргу праз штучны інтэлект.

Я б проста не раіў ісці, калі гэта вам не цікава. Зараз вакол хапае інжынернай працы, якая захоплівае і дзе праграмаванне – не адзіная магчымая дзейнасць. Мая знаёмая з суседняга факультэту запускае спадарожнікі ў космас разам з НАСА. Варыянтаў мільярд – шукайце сябе, спрабуйце новае, і, калі ёсць магчымасць, не бойцеся пераводзіцца з факультэта на факультэт і з ўнівера ва ўнівер.

Мяне больш за ўсё натхняюць праекты, якія робяцца невялікімі камандамі энтузіястаў, якія вось проста гараць сваёй справай. Прыклады: мессенджар Signal, Mullvad VPN, кодавы рэдактар Zed, Lichess (аналаг chess.com). Гэта тое, да чаго я імкнуся.

Як распрацоўшчыку – не! Я вельмі шмат карыстаюся ім у рабоце і разумею яго магчымасці і абмежаванні. Код, які ён генерыць, усё роўна трэба падтрымліваць, накіроўваць, паляпшаць, таму за наяўнасць працы не страшна ўвогуле. Інструменты кшталту NotebookLM дапамагаюць вучыцца і разбіраць матэрыял – вось табе і персанальны настаўнік.

А вось як чалавеку – вельмі страшна. Таму што я бачу, наколькі безадказна ім карыстаюцца. І таму, што людзі і кампаніі, якія робяць гэты штучны інтэлект, існуюць у даволі далёкіх ад мяне ўтапічных канцэпцыях. Не кажу ўжо пра Маска і яго Grok, які распранае людзей у Twitter за грошы, але той жа OpenAI падпісаў пагадненне з Міністэрствам абароны і перыядычна трапляе ў буйныя скандалы.

Вельмі раю відэа з Джэфры Хінтанам, нобелеўскім лаўрэатам і «хросным бацькам AI» – ён агучвае свае асноўныя страхі, звязаныя з развіццём штучнага інтэлекту.

  1. Designing Data-Intensive Applications – база, калі трэба разабрацца, як пад капотам працуюць сістэмы для захоўвання і апрацоўкі дадзеных, якія ёсць trade-offs.
  2. The Pragmatic Programmer – як сумяшчаць у сабе прагматыка і перфекцыяніста.
  3. Refactoring: Improving the Design of Existing Code – зараз чытаю, пакуль добра, назва кажа сама за сябе.
  4. Cracking the Coding Interview – не столькі пра саму працу, колькі пра тое, колькі полымных вобручаў можа трэба пераскочыць, каб яе знайсці.
  5. І, магчыма, «Пішы, скарачай» – не чытаў, але чуў добрыя рэчы. Бо навык пісьма мне зараз вельмі патрэбны: для дакументацыі, дызайн-дакументаў, перадачы ведаў.