Як зрабіць навучанне эфектыўным?
Людзі прыходзяць на навучанне, каб нешта змянілася ў іх жыцці: пачаць рабіць нешта інакш або перастаць нешта рабіць. Магчыма, адважыцца на новыя дзеянні або пераасэнсаваць звыклае. У любым выпадку яны чакаюць зменаў. Інакш навошта ўкладаць свае самыя каштоўныя рэсурсы – час і намаганні? Каманда метадыстак «DrivED» капнула глыбей і разабралася, што ў навучанні сапраўды працуе, а што так і застаецца прыгожым тэкстам у прэзентацыі. Пагналі разбірацца таксама!
Эфектыўнае і неэфектыўные навучанне: Што гэта такое?
Эфектыўнае навучанне – гэта калі матэрыял курсу або трэнінгу выходзіць за межы навучальнай прасторы (платформы, прэзентацыі, працоўнага сшытка і г.д.) і застаецца ў галаве ўдзельнікаў і ўдзельніц. Гэта значыць, што яны здольныя ўзгадаць яго ў патрэбны момант і выкарыстаць атрыманыя веды на практыцы, калі паміж «я гэта чуў» і «я так раблю» знікае дыстанцыя.
А што ж тады лічыць неэфектыўным навучаннем? Калі матэрыял застаўся на платформе, у канспекце, у прэзентацыях і спісе дадатковай літаратуры. То бок курс неабавязкова павінен быць дрэнным, каб быць неэфектыўным.
Праграма можа спадабацца, уразіць і нават захапіць. Але калі ўдзельнік выйдзе з аўдыторыі або зачыніць платформу – нічога не адбудзецца. Чалавек пераключыцца, акунецца ў сваю руціну, будзе заняты, перагружаны. Уражанні растворацца сярод іншых, структуры забудуцца, чэк-лісты асядуць у сотнях тэчак з карыснымі матэрыяламі.
Асноўная памылка стваральнікаў/стваральніц навучання – гэта думаць, што калі матэрыял зразумелы, карысны і спадабаўся, то чалавек гатовы прымяняць яго ў жыцці.

Тры фактары, якія ўплываюць на эфектыўнасць навучання.
1. Увага – ключавы фактар навучання
Увага працуе як пражэктар: яна падсвечвае мозгу сігнал – гэта важна, сюды варта ўкласці рэсурсы. Але гэты пражэктар лёгка згасае, калі чалавек спрабуе рабіць некалькі спраў адначасова.
Калі матэрыялу занадта шмат ці калі падача перагружаная адцягваючымі дэталямі: бясконцай анімацыяй, рэзкім пераключэннем паміж актыўнасцямі, скачкамі па спасылках. Мазгу і так складана ўтрымліваць увагу, а калі навучанне выглядае як бесперапынны стрэс-тэст, ён проста «выходзіць з чата».
Лагіка «матэрыялу шмат, часу мала – буду гаварыць хутка» не робіць навучанне больш эфектыўным. Яна робіць яго менш даступным. У нейкі момант увага адключаецца, і далей спікер працягвае гаварыць у пустэчу, нават калі тэма цікавая.
2. Памяць
На занятках мы працуем з кароткатэрміновай памяццю. Каб скарыстацца матэрыялам праз тыдзень, інфармацыя павінна перайсці ў доўгатэрміновую. І тут пачынаецца самае цікавае: большая частка інфармацыі згубіцца па дарозе. Гэта не лянота і не «дрэнная памяць», а натуральны працэс забывання, уласцівы ўсім.
А выкарыстоўваць немагчыма тое, што не ўтрымалася. Таму, калі мэта – не проста праслухаць, а памятаць, у навучанні неабходныя практыкаванні на ўзгадванне. Не на распазнаванне, а менавіта на даставанне інфармацыі з галавы. Напрыклад: зачыніць вочы і паспрабаваць па памяці пераказаць галоўнае з прачытанага ці пачутага. Гэта менш камфортна, чым проста чытаць або слухаць, але значна больш эфектыўна для запамінання.
Цяпер адкруцім сітуацыю назад. Чалавек слухае напалову бо стаміўся, бо фокус ужо плыве. Дадаем да гэтага натуральнае забыванне і атрымліваем амаль нулявы шанец на тое, што матэрыял калі-небудзь будзе выкарыстаны.
3. Звычкі
Дапусцім, што мы шанавалі ўвагу ўдзельнікаў, працавалі з прыгадваннем рознымі спосабамі. Нашы ўдзельнікі разумеюць, памятаюць, шануюць. Ці значыць гэта, што з заўтрашняга дня людзі зменяць звыклыя алгарытмы паводзін?
Напрыклад, пасля курсу пра скарачэнне адходаў будзе выкарыстоўваць торбы замест пакетаў. Кожную раніцу ён ці яна будзе памятаць пра тое, каб узяць з сабой торбу, і шмат іншых дробных штодзённых дзеянняў? Верагодна, спатрэбіцца нешта яшчэ, акрамя ведаў.
Выкарыстанне складаней за веданне. Каб дапамагчы ўдзельнікам і ўдзельніцам выкарыстоўваць атрыманыя веды, уключаем у курс заданні на выкарыстанне і рэфлексію. І адказваем сабе на пытанне: «Што можна зрабіць, каб чалавек не пабаяўся, не паленаваўся, не забыўся, што цяпер трэба рабіць нешта інакш?»
Дык як зрабіць навучанне эфектыўным?
Мы прапануем 3 універсальныя стратэгіі стварэння навучання:
- Ствараць курс для людзей такіх, якія яны ёсць – тых, хто забывае, пераключаецца, перагружаны, каму патрэбна падтрымка.
- Абіраць і падаваць матэрыял так, каб яго можна было вынесці з аўдыторыі: запомніць, асэнсаваць, выкарыстоўваць, памыліцца і выправіцца, уключыць у практыку.
- Крытэрам эфектыўнасці зрабіць не аб’ём ведаў, які прынёс эксперт ці экспертка, а той, які вынес удзельнік ці ўдзельніца.
Гэтыя аспекты актуальныя як у анлайн-, так і ў афлайн-праграмах. Проста ў анлайне мацней праяўляецца рассеянасць і перагрузка. Афлайн часткова кампенсуе гэта праз чалавечы кантакт, але не адмяняе абмежаванняў увагі, памяці і выкарыстання ў рэальнасці.
Каманда «DrivED» стварае навучанне ўжо больш за 10 гадоў і ахвотна дзеліцца сваёй экспертызай. Яны будуць рады бачыць вас на канале – тут дзеляцца практыкамі і інструментамі стварэння навучання, якое ўплывае на людзей.
Жадаем вам эфектыўных курсаў, якія раскрыюць вашу тэму і дапамогуць ёй выйсці з аўдыторыі ў сэрцы, галавы і дзеянні вашых удзельнікаў!
Падпісвайся
на рассылку
«Хоць у Оксфард»
У рассылцы – важныя тэксты, меркаванні і ўнікальныя магчымасці, якія не гугляцца.
Чытай таксама
-
История Кати, побывавшей на пяти программах от Erasmus+Youth 12.11.2025 -
Google готов прокачать ваши навыки бесплатно 12.11.2025 -
Как не сойти с ума во время сессии? Разбиваем стереотипы с психологом 12.11.2025 -
От студента БГЭУ до PhD: путь белоруса к научной карьере в Европе 12.11.2025 -
Пяць прычын, чаму мне не спадабалася вучоба ў Швецыі 12.11.2025
Зараз абмяркоўваем гэта
Падпісвайся
на рассылку
«Хоць у Оксфард»
У рассылцы – важныя тэксты, меркаванні і ўнікальныя магчымасці, якія не гугляцца.















































































