Сем гісторый беларускі, якая паступіла ў Стэнфард
У 10 класе беларуска Ганна Сямёнава паглядзела фільм Юрыя Дудзя пра Крэмніевую даліну і вырашыла паступаць у Амерыку. Марай дзяўчыны стаў універсітэт у Стэнфардзе, які яна скарыла з другой спробы. Ганна распавяла нам 7 гісторый, як паступаць і навучацца ў адным з самых прэстыжных універсітэтаў свету. Let’s go!
Гісторыя першая. Пра персанальны брэнд
Пасля фільма Дудзя я зразумела, што мне вельмі падабаецца Стэнфард. Але я думала, што гэта не пра мяне, бо там вучацца геніі, а я ім не была і навучалася ў звычайнай гімназіі ў Менску. Але выпадкова паглядзела вебінар з рэкламы ў Instagram пра паступленне і пачала рыхтавацца.
Першая спроба ў 2021 годзе была няўдалай: мяне ўзяў толькі адзін універсітэт, але я не вельмі хацела туды ісці. Бо па-першае, яны пагадзіліся аплаціць толькі навучанне, па-другое, гэта быў не Стэнфард. Тады я вырашыла ўзяць gap year (перапынак у вучобе, які людзі бяруць, каб набрацца досведу і пэўных навыкаў, паразважаць над мэтамі і перспектывамі – заўвага рэдакцыі) і перапаступаць у наступным годзе.
Калі ідзеш у амерыканскі ўніверсітэт, у заяўцы трэба пабудаваць свой асабісты брэнд. У прыёмнай камісіі ёсць хвілін 15 на твае дакументы, і твая мэта – каб па сканчэнні гэтага часу цябе можна было вельмі канкрэтна апісаць у адным-двух сказах.
Таму трэба рабіць асабісты брэнд яшчэ задоўга да паступлення, займацца тым, што табе і праўда цікава. І ўжо потым пісаць заяўку, раздзяліўшы яе па сферах, дзе кожная частка будзе падкрэсліваць твой брэнд і раскрываць яго. Памятай, што калі ўніверсітэт гатовы даваць табе 350 тысяч даляраў за навучанне, то нечага чакае і ад цябе: ва ўсім, што чытаюць універы, яны мусяць пабачыць карысць ад чалавека.


Гісторыя другая. Пра дзесяць эсэ
У ЗША ёсць сістэма Common App, праз якую ідзе падача ў амаль усе ўніверсіэты. У тым ліку, туды трэба дадаць галоўнае эсэ на 650 слоў – Personal Statement, якое ідзе ва ўсе ўніверсітэты. І далей кожная ўстанова просіць свае эсэ: у Стэнфард я пісала дзевяць дадатковых эсэ. Апроч гэтага, трэба дадаць ліст з апісання дзесяці тваіх актыўнасцей, рэкамендацыйныя лісты, вынікі моўных іспытаў, а таксама SAT або ACT. Апошні тэст я не далучала, бо ў мой час гэта было апцыянальна. Але гэта было досыць рызыкоўна: без гэтых вынікаў яны не могуць ведаць, наколькі я акадэмічна падкаваная паводле іх сістэмы.
Лічыцца, што ў эсэ мусіць быць персанальная гісторыя пра нешта, што змяніла жыццё апліканткі ці апліканта. Трэба пачаць тэкст з хука, паглыбіць чытача ў атмасферу і напісаць рэфлексію на ўласны досвед, якая паказала бы, што вылучае цябе ў жыцці і што ты хочаш рабіць з гэтым у будучыні. Я пісала, як мой асабісты досвед паўплываў на тое, што я пачала працаваць з дзецьмі з нейрафізіялагічнымі асаблівасцямі і як гэта перарасло ў платформу для дапамогі дзецям з ДЦП. У галоўным эсэ паўсюль была мая рэфлексія.
Да дадатковых эсэ таксама можна падрыхтавацца загадзя: тэмы з’яўляюцца на сайце кожны год першага жніўня. У Стэнфардзе была самая вялікая колькасць дадатковых эсэ: пяць з іх было на 50 словаў, яшчэ тры – на 250. Яшчэ адно эсэ ў мяне было, таму што я падавалася другі год запар і мяне прасілі патлумачыць, як я вырасла за гэты год.
Гісторыя трэцяя. Пра перасячэнне досведаў
Персанальны брэнд, які ты выбудоўваеш у эсэ, мусіць падмацоўвацца іншымі дакументамі, якія ты прыкладаеш. Напрыклад, можна абраць тры сферы, якія максімальна перакрэсліваюцца адна з іншай, і зрабіць усе актыўнасці і ўзнагароды, звязаныя з гэтым. Пажадана, каб актыўнасці былі сусветнага ўзроўню, якія б падкрэслівалі тваю дзейнасць.
Я мела фінансаванне, гранты на праекты, бо яшчэ ў школе з камандай мы стварылі мабільны дадатак, які быў накіраваны на інклюзію падлеткаў ды сталых людзей і дапамагаў ім знайсці спецыяльнасць. З ім я трапіла ў топ-20 прадпрымальнікаў і прадпрымальніц у Еўропе да 20 гадоў. У журы на адзін грант нават быў амерыканскі філантроп Рычард Брэнсан.
Шукаць такія актыўнасці можна, звяртаючы ўвагу на праблемы ў сваім кам’юніці і спрабуючы іх вырашыць праз праекты і валанцёрствы, якія табе цікавыя.
Падмацаваць досвед трэба рэкамендацыйнымі лістамі ад двух настаўнікаў ці настаўніц у школе і саветніка (eng. School counselor): у беларускіх школах няма такой пасады, таму трэба будзе вызначыцца з аналагам. Я раіла б звярнуцца да класных кіраўнікоў і кіраўніц, бо яны лепш цябе ведаюць. Таксама трэба патлумачыць ім не пісаць пра «добрую паслухмяную дзяўчынку», а распавядаць, як чалавек раскрываўся праз розныя сітуацыі падчас навучання. Я б раіла толькі накіраваць тых, хто будзе вас рэкамендаваць, але не пісаць лісты за іх цалкам: у такіх рэчах вельмі чуецца асабісты голас, а ў прыёмнай камісіі дастаткова разумныя людзі, каб зразумець твой стыль.


Гісторыя чацвёртая. Пра фінансаванне
Калі падаеш дакументы ў амерыканскі ўнівер, трэба пазначаць, ці патрэбнае табе фінансаванне. І далей ужо залежыць ад канкрэтнай установы. Для некаторых усе апліканты і апліканткі стаяць у адным шэрагу, незалежна ад таго, ці патрэбныя ім грошы на вучобу. Але ў большасці выпадкаў твае шанцы паступіць зніжаюцца, калі табе патрэбна фінансаванне: Стэнфард у гэтым ліку.
Але я трапіла ў той невялікі адсотак міжнародных студэнтаў і студэнтак, каму стыпендыя пакрывае і навучанне, і пражыванне, і два пералёты на год. Нам нават даюць стыпендыю 2 000 даляраў на зімовыя вакацыі, калі нам трэба з’ехаць з кампуса.
Гісторыя пятая. Пра заняткі ў Стэнфардзе
У прыватных універсітэтах ЗША ты паступаеш не на праграму, а проста ва ўніверсітэт. І толькі потым, на 2-3 курсе можаш абраць спецыяльнасць. Я правучылася год і думаю абіраць навуку пра даныя (eng. Data science).
Наогул жа вучоба складаецца так, што ты мусіш набраць пэўны набор абавязковых крэдытаў, каб закрыць пэўныя патрабаванні. Шмат з іх накіраваныя на кругагляд: напрыклад, у другой чвэрці я вывучала рыторыку. Нават калі ты пакуль не разумееш, якую галоўную дысцыпліну хочаш узяць, але прыблізна адчуваеш, што табе падабаецца праграмаванне, абярэш матэматыку і камп’ютарныя навукі.
Можна набраць і шэраг цікавых курсаў, але трэба памятаць, што ніхто не будзе за табой бегаць, калі ты не закрыў абавязковыя патрабаванні: гэта цалкам на тваім сумленні. Не закрываеш – вучышся яшчэ адзін год або чвэрць, што ўжо не пакрывае фінансаванне.
Гісторыя шостая. Пра 600 чалавек на занятку
Класічныя курсы ў Стэнфардзе звычайна вялікія. Напрыклад, на праграмаванні са мной у класе было яшчэ 600 чалавек. Вядома, там з выкладчыкамі і выкладчыцамі асабліва не паразмаўляеш, але заўсёды можна задаць пытанні на адмысловай платформе, прыйсці пагутарыць у офісныя гадзіны ці паразмаўляць з асістэнтамі ці асістэнткамі на дэпартмэнтах: звычайна гэта студэнты і студэнткі магістарскіх і доктарскіх праграмаў. Але клас па рыторыцы складаўся з 12 чалавек: вядома, у такіх умовах можна абмеркаваць усё больш падрабязна.
Наогул гэта агромністы досвед – паразмаўляць з людзьмі, якія стварылі цэлыя метадалогіі ў сваіх галінах, падыскутаваць з крэатыўнымі людзьмі з усяго свету. Мяне вельмі ўразілі сустрэчы з палітолагам і былым амбасадарам ЗША ў Расеі Майклам Макфолам, прафесарам Аланам Вейнэрам.
Адметна, як выкладчыкі і выкладчыцы тут ставяцца да студэнтаў і студэнтак: яны імкнуцца клапаціцца пра ментальнае здароўе, робяць класы ўключанымі для кожнай і кожнага. У Стэнфардзе можна сустракацца з цікавымі людзьмі не толькі на парах: на адным з мерапрыемстваў я гутарыла з прэзідэнтам Фінляндыі Саўлі Ніінісцё.
Таксама ў Стэнфардзе адбываецца самы вялікі хакатон у ЗША для студэнтаў і студэнтак, ладзяцца кірмашы вакансій, дзе розныя кампаніі рэкруцяць сабе людзей. Хаця ў міжнароднікаў і міжнародніц ёсць абмежаванні па працы ў стартапах.
Гісторыя сёмая. Пра веру ў сябе
Калі я цяпер вяртаюся да таго фільма Дудзя, які натхніў мяне на вучобу, разумею, што агулам я атрымала тое, што чакаю. Хаця ёсць некаторыя адрозненні: я меркавала, што вучоба будзе больш кар’ерна арыентаваная, але амерыканцы і амерыканкі мала гавораць пра тое, чым займаюцца. Стэнфард апынуўся такой бурбалкай: ты можаш сядзець у кампусе тыдзень і нікуды не выязджаць. Гэта вельмі вялікі ўніверсітэт нават па памерах, і некаторым гэта не вельмі падабаецца.
Агулам, калі вы разважаеце наконт паступлення ў Стэнфард ці любы іншы топавы ўніверсітэт, добра падумайце, што вы можаце даць яму, а ён – вам.
Бо ёсць шмат якасных еўрапейскіх універсітэтаў, якія каштуюць нашмат меней. Але калі выбар ужо зроблены, трэба не сумнявацца і верыць у сябе!
Аўтарка тэкста: Ліка Юр’ева.
Падпісвайся
на рассылку
«Хоць у Оксфард»
У рассылцы – важныя тэксты, меркаванні і ўнікальныя магчымасці, якія не гугляцца.
Чытай таксама
-
История Кати, побывавшей на пяти программах от Erasmus+Youth 12.11.2025 -
Google готов прокачать ваши навыки бесплатно 12.11.2025 -
Как не сойти с ума во время сессии? Разбиваем стереотипы с психологом 12.11.2025 -
От студента БГЭУ до PhD: путь белоруса к научной карьере в Европе 12.11.2025 -
Пяць прычын, чаму мне не спадабалася вучоба ў Швецыі 12.11.2025
Зараз абмяркоўваем гэта
Падпісвайся
на рассылку
«Хоць у Оксфард»
У рассылцы – важныя тэксты, меркаванні і ўнікальныя магчымасці, якія не гугляцца.





























































































































