Знойдзена: 0 элементаў. Паспрабуй яшчэ раз.

Навука і адукацыя. Што сапраўды зрушылася ў 2025 годзе?

Лавіце 4 фанфэкты ад рэдакцыі – без футурыстычных абяцанняў, толькі рэчы, якія ўжо адбыліся і крыху зрухнулі вектар рэальнасці.

АААА!!! Enigmacursor mollyborthwickae

Гісторыя Зямлі ўсё яшчэ поўная нераскрытых персанажаў. І часам гэта дыназаўр-малютка памерам з лабрадора, які проста жыў сваё дыназаўравае жыццё 150 мільёнаў гадоў таму. Сустракайце – Enigmacursor mollyborthwickae! Спачатку акамянеласці аднеслі да роду Nanosaurus, але пазней навукоўцы зразумелі: нешта не сыходзіцца. У 2025 годзе стала ясна – гэта зусім новы род і від.

А яго назва – чысты сторытэлінг: enigma («загадка») – адсылка да заблытанай таксанамічнай гісторыі дыназаўраў фармацыі Морысан; cursor – «бягун», бо ўсё ў яго анатоміі паказвае: у гэтым ён быў сапраўды мастак; а mollyborthwickae – у гонар Молі Бортвік, дзякуючы якой Музей натуральнай гісторыі Лондана змог набыць гэтыя акамянеласці.

Мы стварылі пластык – мы яго і знішчым

Мікрапластык паўсюль: у грудным малацэ, у акіянах, у глебе і нават у антарктычным снезе. Праблема даўно выйшла за межы экалогіі і ўшчыльную наблізілася да пытання здароўя. І ў 2025 годзе ў навукі з’явіўся нечаканы адказ. Навукоўцы «натравілі» квантавыя вылічэнні на мікрапластык – і распрацавалі пептыды, якія ўмеюць чапляцца за яго на ўзроўні малекул. 

Такія пептыды можна выкарыстоўваць для стварэння тэхналогій, здольных выяўляць, захопліваць і нават разлагаць мікрапластык – без агрэсіўнай хіміі і з мінімальнай шкодай для навакольнага асяроддзя.

У Оксфардзе заняліся тэлепартацыяй. І паспяхова

У 2025 годзе квантавыя тэхналогіі перасталі гучаць як абстрактная тэорыя і зрабілі вельмі канкрэтны крок у будучыню. Даследчыкі Оксфардскага ўніверсітэту ўпершыню перадалі квантавы стан паміж двума квантавымі камп’ютарамі – не скапіраваўшы яго, а менавіта тэлепартаваўшы. 

Навукоўцы выкарысталі квантавую заблытанасць і святло, каб стан знік у адным камп’ютары і з’явіўся ў другім – без фізічнага пераносу часціцы. Эксперымент паказвае, што квантавыя працэсары можна аб’ядноўваць у сапраўдную размеркаваную квантавую сетку. Гэта падмурак для квантавага інтэрнэту, дзе інфармацыя перадаецца без страты квантавага стану і з прынцыпова новым узроўнем бяспекі.

А ў космасе стварылі кісларод з падручных рэчываў. І таксама паспяхова

На кітайскай арбітальнай станцыі Tiangong тайканавты ўпершыню атрымалі кісларод і інгрэдыенты для ракетнага паліва проста на борце – і гэта вялікі зрух у логіцы асваення космасу. У ходзе серыі эксперыментаў навукоўцам атрымалася ператварыць вуглякіслы газ і ваду ў кісларод.  Літаральна яны ўзялі тое, чым мы звычайна дыхаем «на выдыху», і зноў зрабіць з гэтага рэсурс для жыцця. 

Як гэта зрабілі? Выкарысталі ўстаноўку з паўправадніковымі каталізатарамі – чыстая хімія і інжынерыя, адаптаваныя да ўмоў касмічнай станцыі. Але гэта яшчэ не ўсё. Паралельна даследчыкі атрымалі этылен – рэчыва, якое можна выкарыстоўваць як сыравіну для сінтэзу ракетнага паліва. Іншымі словамі, на станцыі ўпершыню стварылі не толькі паветра, але і патэнцыйную аснову для далейшага руху наперад.

Працягвайце быць цікаўным да свету. Не каб «разбірацца ва ўсім», а каб не прапусціць дзіўнае, не відавочнае і тое, што сапраўды рухае свет <3