Знойдзена: 0 элементаў. Паспрабуй яшчэ раз.

Цяжкі шлях паступовага свядомага адмаўлення

Кагадзе я пачаў заўважаць сябе ў вельмі дзіўных сітуацыях. Напрыклад, аднога разу седзячы адзін у зачыненым пакоі, я на працягу 30 хвілінаў размаўляў з шэрай алюмініевай скрыняй на стале. З гэтае скрыні проста ў мае вушы былі працягнутыя чорныя матузкі. У пакоі акрамя мяне нікога не было, поўная цішыня. Што гэта было?

Нам з вамі зразумела – гэта ўсяго толькі напружаны сазвон на працы. Але мяне турбуе, што калі б гэтую сцэну ўбачыў чалавек з далёкае мінуўшчыны – я б наўрад ці патлумачыў, што тут адбываецца. У той час, як у ягоным, значна больш зразумелым, я ня бачу нічога надзвычайнага.

Сапраўды, жыццё сучаснага чалавека поўніца малаўцямнымі рытуаламі па ўзаемадзеянні з таямнічымі лічбавымі прыладамі, звязанымі між сабою вусцішнай сеткаю Інтэрнэт.

Што канкрэтна мне тут не даспадобы?

Паўсюдныя экраны, тэрабайты лічбавага шуму ў кожнай руцэ ці кішэні кожнага чалавека, неадольнай даўжыні ленты ў сацыяльных сетках, ілжывыя навіны, праўдзівыя навіны, ціск на сумленне з нагоды трагічных здарэнняў па ўсім свеце, сляпая вера камп’ютраным праграмам, безліч імёнаў абсалютна нецікавых людзей, рэклама рэклямы пасярод рэкламных блёкаў рэкламных перадачаў, бясплатныя сэрвісы па продажы карыстальнікаў і так далей…

Складаецца адчуванне, што цяпер чалавек застаўся сам-насам з татальнай лічбавай сансарай, дзе ёсць адказы на ўсе пытанні, дзе ўсё пад кантролем, і дзе ўсім усё падабаецца.

Паратункам у такой сітуацыі асабіста для мяне сталі дзіркі і памылкі ў сістэме. Іх проста заўважыць калі вы беларус і калі вы думаеце. Так, аказваецца ў інтэрнэце ёсць ня ўся інфармацыя, шмат што з яго знікае ў невараць, а дасканалыя чат-боты са штучнымі інтэлектамі ня могуць разабрацца ў ненармаванае нашае вялікае мове і культуры. Палёгка – лічбавая тэхніка і інтэрнэт не ўсёмагутныя. Але ўсё яшчэ вельмі моцныя, калі гаворка вядзецца пра ціск на індывіда. І што цяпер?

На маю думку, парадзіць з гэтым магчыма толькі стаўшы на цяжкі шлях паступовага свядомага адмаўлення. Усе разумеюць, што камп’ютары, тэлефоны, інтэрнэт і ўсё гэта, зрабілі нашае жыццё больш камфортным. Таму і цяжка ў адзін момант сарвацца і сыйсьці ў свет сапраўднага афляйну. Але, здаецца, што толькі так можна супрацьстаяць наўмыснай дзейнасці па знішчэнню цвярозага розуму, разгорнутай сучаснымі тэхналагічнымі гігантамі. Добраахвотны сыход у лес, дзе нікому не цікава, у каго колькі мільярдаў даляраў – вось яно выйсце.

Вядома, што ніхто не кажа пра крытычную інфраструктуру, шпіталі, электрастанцыі і гэтак далей. Таксама не вядзецца і пра тое, што нельга рабіць выключэнняў, або што ўсё трэба рабіць радыкальна. Не. І пісаць у інтэрнэце артыкулы на тэму «Чаму мне не падабаецца інтэрнэт?» таксама можна.

Паступовая адмова ад інтэрнэту і лічбавых прыладаў – гэта найперш доўгі шлях да паляпшэння ўласнага побыту, да міру і супакою ў душы, да пазбаўлення ад супярэчнасцяў кшталту той, што апісаная ў першым абзацы.

Такія вось думкі,
Слава.