Знойдзена: 0 элементаў. Паспрабуй яшчэ раз.

Чаму мы не можам спыніцца вучыцца? 

Як кажуць, папляскайце ў далоні тыя, хто зараз праходзіць чарговы анлайн-курс ці ў каго ў календары пастаянныя варкшопы, лекцыі і вэбінары. Аднак атрыманне новых ачывак і дыпломаў не дапамагае пазбавіцца пачуцця, што гэтага недастаткова, бо самаразвіццё ператварылася ў культуру, у якой бесперапыннае навучанне становіцца нормай. Расказваем ніжэй, чаму так адбываецца.


Век жыві – Век вучыся?

Стужка ў сацсетках увесь час нагадвае нам, што хтосьці са знаёмых авалодаў_ла Python, альбо скончыў_ла курс па сторытэлінгу. І вось зноў гэтае адчуванне глыбіннай трывожнасці – так замацоўваецца думка, што мы павінны пастаянна апгрэйдзіць сябе, каб быць «паспяховымі». Коратка гэты феномен можна апісаць як культуру «лепшай версіі сябе» (табе таксама надакучыў гэты выраз?).

Акрамя сацсетак, мы сутыкаемся з ціскам на рынку працы: трэба быць канкурэнтаздольн_ай, асвойваць мульцітаскінг, апгрэйдзіць свой прафесійны досвед. Карацей – прывітанне, капіталізм.

Самааптымізацыя (self-optimisation) стала папулярным сацыякультурным трэндам у сучасным заходнім грамадстве. Сацыёлагіня Дагмар Фэнер вызначае самааптымізацыю як «бесперапынны працэс пастаяннага паляпшэння асабістых якасцяў і здольнасцяў». Гэта датычыцца любой сферы – спорт, харчаванне, праца, вучоба. Пасыл адзін: ты недастаткова добры_ая і павін_на быць лепш.

Ідэя пастаяннага навучання падаецца нам як нешта карыснае і неабходнае. Напрыклад, UNESCO упершыню выкарыстала ў сваіх тэкстах тэрмін «lifelong learning» (навучанне на працягу ўсяго жыцця) і актыўна прасоўвае ідэю бесперапыннай адукацыі. Мы таксама выкарыстоўваем дадатковую адукацыю як спосаб прыглушыць «сіндром самазван_кі». Даследаванне сярод супрацоўніц кампаніі Ericsson паказала, што жанчыны ў кампаніі пастаянна сутыкаюцца з «сіндромам самазванкі». Самі супрацоўніцы прапанавалі рашэнні: роўная аплата працы, гнуткі графік, ментарства. Усё гэта дапамагае паверыць у свае сілы і знізіць адчуванне, што поспех – гэта выпадковасць.

Што кажуць даследаванні?

І вось мы ў той кропцы, калі запісваемся на чарговыя курсы, каб адчуць сябе больш прафесійнымі. Але што, калі гэта не працуе?

Па-першае, паводле даследаванняў, толькі 15% студэнтаў анлайн-курсаў даходзяць да канца навучання.

Па-другое, даследаванні масавых анлайн-курсаў (MOOCs), тыпу Coursera, паказваюць, што працадаўцы цэняць не колькасць сертыфікатаў, а ўменне прадэманстраваць іх там, дзе яны сапраўды патрэбныя. Не пужайцеся: пакуль не трэба выкідваць свае сертыфікаты. Яны фармальна замацоўваюць атрыманыя намі ўменні і навыкі. Сам гэты факт можа камусьці дапамагчы адчуць сябе больш упэўнена.

Па дадзеных Pearson VUE (арганізацыя, што праводзіць прафесійныя экзамены і сертыфікацыі ва ўсім свеце), 37% іх сертыфікаваных спецыяліста_к атрымалі павышэнне зарплаты, а 27% – прасоўванне ў кар’еры.

Але ўсё гэта мае сэнс толькі тады, калі навучанне раскрывае наш патэнцыял, а не ператвараецца ў бясконцы марафон самаўдасканалення. Калі мы не разумеем, навошта патрэбны той ці іншы курс, апскілінг ператвараецца ў стрэс, выгаранне і адчуванне, што мы вучым нешта не тое, лішняе.

Атрымліваецца, што вучыцца не трэба?

Канешне,трэба, бо  свет вельмі хутка змяняецца. Дзякуючы навучанню мы застаемся ў курсе актуальных дадзеных у сваёй сферы, развіваем крытычнае мысленне і крэатыўнасць, заводзім новыя знаёмствы і ўмацоўваем сувязі. А яшчэ гэта як мінімум прыемна і карысна нашаму мозгу. Ну ваў.

Можна задаць сабе пытанні:

  • «Ці сапраўды гэты курс дапаможа мне развіць новыя кампетэнцыі?»,
  • «Я хачу вучыцца, каб атрымаць новыя веды ці проста паставіць галачку ў спісе дасягненняў?»,
  • «Можа, я ўжо дастаткова кампетэнтн_ая, каб рабіць сваю працу?».

Замест чарговай падпіскі на курс можна паспрабаваць звярнуць увагу на нармальны графік вучобы і працы, прызнанне нашых дасягненняў, культуру, дзе можна памыляцца без страху і вучыцца на памылках, мець роўныя магчымасці ад стыпендый і стажыровак і крутых праектаў.

Так, гучыць даволі агульна.

Аднак, гэта падкрэслівае, што наша бесперапыннае ўдасканаленне сябе – не толькі наша асабістая справа, а сістэмная з’ява. Мы можам пачаць з таго, што будзем адсочваць нашы поспехі, вучыцца прасіць зваротную сувязь па працы/вучобе, гучна казаць пра свае дасягненні (яны дакладна у цябе ёсць!), звяртацца па падтрымку да кал_яжанак і сябро_вак.

Мы жывем у культуры вечнага апскілінгу, якая маскіруе «сіндром самазван_кі» пад матывацыю. Вучыцца карысна, але часам важна прытармазіць і нагадаць сабе: «Мяне ўжо дастаткова. Я раблю сваю працу і раблю яе добра». Мы не абавязаныя бясконца даказваць сваю вартасць сертыфікатамі, мы каштоўныя самі па сабе.

Тэкст падрыхтаваны валанцёркай VUC – Таняй.
Хочаш стаць валанцёркай / валанцёрам ВУЧ? Запоўні форму!